Пачатак вясны для факультэта журналістыкі БДУ азнаменаваны вельмі важнай датай: 1 сакавiка 1926 года нарадзіўся Барыс Васільевіч Стральцоў – выбітны вучоны, доктар філалагічных навук, прафесар, сапраўдная легенда журфака.
Словы пашаны, добрыя ўспаміны, гісторыі з жыцця гучаць ў гэтыя дні ў факультэцкіх аўдыторыях, вучні і калегі Барыса Васільевіча распавядаюць аб ім сваім студэнтам, знаёмяць моладзь з тымі прафесійнымі запаветамі, якія ідуць ад журналіста, публіцыста і мастака слова Стральцова. “Журналістыка – гэта лад жыцця!” – і мы з цягам часу толькі ўсё больш і больш пераконваемся ў дакладнасці стральцоўскай фармулёўкі. Выдатны практык, канешне, добра ведаў, што такое “лад жыцця”.
Барыс Васільевіч нарадзіўся на Быхаўшчыне, скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, шмат гадоў працаваў у газетах “Чырвоная змена” і “Звязда”. Былы “звяздовец”, а зараз галоўны рэдактар “Гаспадыні”, Зіновій Прыгодзіч успамінае, што да думкі Стральцова “заўсёды прыслухоўваліся і вельмі часта яна была вызначальнай ў прыняцці таго ці іншага рашэння”.
З 1969 па 1990 год Барыс Васільевіч узначальваў кафедру тэорыі і практыкі савецкай журналістыкі БДУ, з 1999 года працаваў прафесарам кафедры сацыялогіі журналістыкі, кафедры перыядычнага друку, а ў апошнія гады жыцця – на кафедры журналістыкі Інстытута парламентарызму і прадпрымальніцтва. І, бясспрэчна, за дзесяцігоддзі выкладчыцкай дзейнасці прафесар Стральцоў стварыў сапраўдную школу ў галіне тэорыі журналістыкі, і заканамерна, што менавіта пад яго кіраўніцтам абаронены дзясяткі кандыдацкіх і доктарскіх дысертацый. “Мы – вучні Настаўніка,” – заўсёды падкрэслівае прафесар кафедры медыялогіі БДУ Васіль Вараб’ёў.
Лаўрэат прэміі Міжнароднай канфедэрацыі журналісцкіх саюзаў “За значны ўклад у развіццё журналістыкі”, лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва ў галіне журналістыкі, Барыс Васільевіч Стральцоў па жыцці быў чалавекам сціплым, усмешлівым і добрым, меў шмат сяброў, з павагай ставіўся да калег і студэнтаў. І такое спалучэнне чалавечнасці і высокага прафесіяналізму, безумоўна, вельмі каштоўнае. “Каб быць паходняй, трэба свяціць” – гэта назва аднаго з артыкулаў Майстра, якая стала сапраўдным прынцыпам кожнага адданага прафесіі журналіста. Кожнага з тых, каго “выгадаваў” Барыс Васільевіч Стральцоў.
У гонар дня нараджэння Барыса Васільевіча на журфаку БДУ з 2 па 7 сакавіка 2020 года ў межах заняткаў пройдуць “Урокі Стральцова” на ўсіх курсах і для студэнтаў усіх спецыяльнасцей.
Далучайцеся, шаноўныя калегі! Ствараем традыцыю разам!
Марына Лебедзева,
дацэнт факультэта журналістыкі БДУ