20 снежня на кінаклуб "Фруза" завітаў таленавіты малады рэжысёр Андрэй Куціла, дакументальныя фільмы якога перамагалі на прэстыжных міжнародных кінафестывалях.
Студэнты і выкладчыкі паглядзелі кінастужку "Стрыптыз і вайна", якая нікога не пакінула абыякавым. Два паралельныя лады жыцця, два абсалютна розныя светапогляды дзядулі, былога падпалкоўніка, і ўнука-стрыптызёра... і любоў, якая аб'ядноўвае, нягледзячы на канфлікт пакаленняў і рознае ўспрыняцце навакольнага свету. Дакументальны фільм уражвае, здзіўляе, прымушае задумацца, а лёгкая іронія –усміхнуцца. Да таго ж ён насычаны цікавымі, арыгінальнымі рэжысёрскімі і аператарскімі вырашэннямі.
Андрэй Куціла, адказваючы на шматлікія пытанні публікі, якія тычыліся як "Стрыптызу і вайны", так і іншых прац рэжысёра, здзівіў аўдыторыю сваёй шчырасцю, непасрэднасцю, інтэлігентнасцю і глыбінёй. Студэнты і выкладчыкі выказалі жаданне пабачыць А. Куцілу і паглядзець іншыя яго фільмы на наступных сустрэчах кінаклуба.