Кафедра літаратурна-мастацкай крытыкі правяла творчую сустрэчу з дырэктарам выдавецтва “Мастацкая літаратура”, пісьменнікам, паэтам Алесем Бадаком.
Дэвіз імпрэзы – “Хочаце стаць вядомым? Хочаце выдаць сваю першую кнігу? Навучым, як”. Алесь Мікалаевіч распавёў студэнтам пра літаратурны кокурс “Першацвет”, заахвоціў да ўдзелу ў конкурсе газеты “Звязда”. Аўдыторыя актыўна задавала пытанні, якія тычыліся кніжнага рынку ў Беларусі, пэўнай “моды” ў літаратуры, пісьменніцкіх арганізацый, працэсу выдання твораў.
Не засталася па-за ўвагай і ўласная творчасць Алеся Бадака. Пісьменнік падрабязна адказаў на пытанні, датычныя гісторыі напісання аповесці “Адзінокі васьмікласнік хоча пазнаёміцца”, распавёў пра далейшыя творчыя планы, назваў сваіх улюбёных аўтараў (адна з любімых кніг – “Шлях-360” Алеся Разанава). Алесь Мікалаевіч прызнаўся, што не любіць перачытваць свае творы. У адказ на пытанне, каго з сучасных літаратурных крытыкаў лічыць найбольш аўтарытэтнымі, Алесь Бадак назваў Ірыну Шаўлякову і Ладу Алейнік.
Імпрэза прайшла надзвычай плённа і цікава.