Факультэт журналістыкі напрыканцы ХХ стагоддзя размяшчаўся ў корпусе на вуліцы Маскоўскай, 15. Магчымасцей для таго, каб весці поўнавартасны вучэбны працэс, было значна менш.

На аднаго студэнта прыходзілася каля аднаго квадратнага метра вучэбных плошчаў, студэнты вучыліся яшчэ і ў старым корпусе на вуліцы Свярдлова, дзе ў нас было некалькі аўдыторый і нядрэнна абсталяваны на той час вучэбны тэлецэнтр.

Konf Slova 013

Якраз у той час быў рэзка павялічаны набор на факультэт журналістыкі, з’явілася платнае аддзяленне і большую колькасць груп будучых газетчыкаў і тэлерадыёжурналістаў трэба было дзесьці размясціць. Мы з намесніцай дэкана Ангелінай Рудэнка знайшлі выхад – вырашылі заняць пустуючае памяшканне за актавай залай, заказаўшы для гэтага 150 камплектаў мэблі. Паточныя лекцыі чыталі і ў актавай зале, хоць гэта было і нязручна, але студэнты таго часу нас добра разумелі. Большасць з іх былі вельмі матываванымі, актыўна вывучалі дысцыпліны, нягледзячы на дэфіцыт новых падручнікаў, бралі ўдзел у факультэцкіх і ўніверсітэцкіх мерапрыемствах.

6  Praktika 2002 004 

А яшчэ студэнты ездзілі на бульбу, праводзілі медыумы, выступалі з творчымі справаздачамі на канференцыях па практыцы, супрацоўнічалі з рэдакцыямі СМІ, выпускалі вучэбную газету «Журналіст».

Videolab 4  jdm4di RQU0 

Ахвочы, цікаўны, здольны студэнт заўсёды будзе ўплываць на прафесійнае развіццё выкладчыка. Тут галоўнае – не спачываць на лаўрах, а ледзь не кожны дзень адшукваць нешта новае, невядомае, чым можна зацікавіць сучаснага студэнта, які ні на хвіліну не расстаецца са смартфонам і гадзінамі сядзіць у інтэрнэце. Прыемна, што на факультэце і дагэтуль перадаецца з пакалення ў пакаленне цудоўны сплаў таленту і працавітасці, які дазваляе студэнтам адносіцца да прафесіі журналіста з высокай адказнасцю, старанна вучыцца майстэрству слова.

П. Л. Дарашчонак, дацэнт кафедры перыядычнага друку і
вэб-журналістыкі, кандыдат філалагічных навук,
дэкан факультэта журналістыкі ў 1996 г.

Вверх