Прэс-сустрэча студэнтаў першага курса факультэта журналістыкі БДУ з народным мастаком Беларусі, знакамітым скульптарам Іванам Якімавічам Міско адбылася ў межах вучэбнай дысцыпліны “Тэхналогіі інтэрв’ю” ў кнігарні “Светач”. Актуальнай падзейнай нагодай стала прэзентацыя творчага альбома “Іван Міско”, які выйшаў у выдавецтве “Мастацкая літаратура”.

0611

 Іван Міско, Мікола Мятліцкі, Віктар Шніп са студэнтамі журфака

Імя скульптара Івана Міско асацыіруецца з манументам Маці-патрыёткі ў Жодзіне. “Сюжэт” помніка цалкам дакументальны: мясцовая жыхарка Настасся Купрыянава, якая адправіла на вайну пяцярых сваіх сыноў, не дачакалася ніводнага.

06112

Помнік Маці-патрыётцы ў Жодзіне

Імя Івана Міско асацыіруецца і з космасам. Мемарыяльныя дошкі ў гонар Юрыя Гагарына і Сяргея Каралёва ўстаноўлены ў Зорным гарадку. Скульптар стварыў цэлую галерэю партрэтаў касманаўтаў усяго свету, сярод якіх і партрэты нашых землякоў Пятра Клімука, Уладзіміра Кавалёнка і Алега Навіцкага. Іванам Міско створаны дзясяткі скульптурных партрэтаў выдатных сыноў і дачок беларускай зямлі.

У верасні гэтага года ў Слоніме ў Дзень беларускага пісьменства быў адкрыты помнік Льву Сапегу, вышыня бронзавага манумента больш за 4 м. Аўтары помніка: скульптары Іван Міско, Уладзімір Піпін і Сяргей Логвін.

Стойкасць, мужнасць, сіла духу і ўнутраная прыгажосць Чалавека – бадай што, менавіта так можна абазначыць прыярытэтную тэму творчасці Івана Міско.

У прэзентацыі бралі ўдзел галоўны рэдактар выдавецтва “Мастацкая літаратура” Віктар Шніп, вядомыя паэты Мікола Мятліцкі, Аліна Легастаева, Фёдар Баравы. Іван Якімавіч Міско адказаў на шматлікія пытанні маладых журналістаў.

Вверх