24–25 кастрычніка 2019 года на факультэце журналістыкі БДУ адбылася Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Выдавецкая справа ў Рэспубліцы Беларусь: гісторыя, сучасны стан і перспектывы», арганізаваная пры ініцыятыве Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь кафедрай медыялінгвістыкі і рэдагавання.
Уступным словам канферэнцыю адкрыла дэкан факультэта журналістыкі БДУ В. М. Самусевіч, кандыдат філалагічных навук, дацэнт. З прывітальным словам выступіў міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь А. М. Карлюкевіч, які адзначыў надзённасць тэмы навуковага форуму і пажадаў плёну ў рабоце.
Пасля пленарнага пасяджэння праведзены круглы стол экспертаў, мадэратарамі якога выступілі В. І. Іўчанкаў, загадчык кафедры медыялінгвістыкі і рэдагавання факультэта журналістыкі БДУ, доктар філалагічных навук, прафесар, і У. У. Андрыевіч, начальнік упраўлення выдавецкай і паліграфічнай дзейнасці Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь. У якасці экспертаў на круглы стол былі запрошаны намеснік міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь І. І. Бузоўскі, , дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура” А. М. Бадак, дырэктар выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» В. У. Ваніна, дырэктар выдавецтва «Адукацыя і выхаванне» М. А. Супрановіч, начальнік упраўлення рэдакцыйна-выдавецкай работы БДУ Н. М. Герасімовіч, дацэнт кафедры журналістыкі Палтаўскага нацыянальнага педагагічнага ўніверсітэта імя У. Г. Караленкі, кандыдат навук па сацыяльных камунікацыях Г. А. Кудрашоў.
Былі абмеркаваны тры групы пытанняў:
1. Кніга ў сучасным свеце. Інтэрактыўная кніга з выхадам у альтэрнатыўную рэальнасць;
2. Сучаснае выдавецтва: пераемнасць традыцый і выклікі часу. Будучае прарастае з сённяшняга;
3. Эфектыўныя маркетынгавыя стратэгіі.
У час дыскусіі адзначалася, што новыя інфармацыйныя тэхналогіі змяняюць падыходы да канструявання і выдання кнігі, якая становіцца больш разнастайнай у параўнанні з ранейшымі часамі. Змены закранаюць усе аспекты дзейнасці кнігавыдавецкага прадпрыемства, аднак галоўнае застаецца нязменным – гэта аўтар, яго талент і ўменне данесці сваю думку да чытацкай аўдыторыі, выкананне высокай сацыяльнай місіі кнігі ў сучасным глабалізаваным свеце. Трансфармацыя выдавецкіх прадпрыемстваў дае магчымасць больш гнутка падыходзіць да стварэння эфектыўных кніжных праектаў і выходзіць з імі на міжнародны ўзровень. Усе ўдзельнікі сышліся на тым, што друкаваная кніга будзе змяняцца, але не мае права знікнуць ні з паліц кнігарняў, ні са школьнай і ўніверсітэцкай адукацыі.
У другой палове дня 24 кастрычніка прайшлі панэльныя дыскусіі, на якіх асвятляліся пытанні шматграннасці гісторыі і сучаснасці ў выдавецкай дзейнасці, падрыхтоўкі шматпрофільнага спецыяліста для выдавецкай галіны, узаемаўплыву выдавецкай дзейнасці і журналістыкі. У пасяджэннях панэльных дыскусій бралі ўдзел больш за 40 навукоўцаў і спецыялістаў-практыкаў як з Беларусі, так і з іншы краін.
Падчас працы канферэнцыі ў медыятэцы імя М. Я. Цікоцкага факультэта журналістыкі БДУ ладзілася выстава «Лепшыя з лепшых: кнігі – пераможцы Нацыянальнага конкурсу “Мастацтва кнігі”», праведзена інтэрактыўная экскурсія «Гісторыя выдавецкай справы: з рэдкага фонду Фундаментальнай бібліятэкі БДУ», арганізавана творчая сустрэча з У. С. Ліпскім, галоўным рэдактарам часопіса «Вясёлка», пісьменнікам, заслужаным работнікам культуры Рэспублікі Беларусь, і акадэмічная студыя Г. А. Кудрашова «Дыпламатыя кнігі: “Энеіда” Катлярэўскага ў перакладзе Аркадзя Куляшова» і іншыя мерапрыемствы.
Пачэсны госць форуму Глеб Кудрашоў адзначыў высокі ўзровень канферэнцыі, падкрэсліўшы надзвычайную патрэбу ў такім абмеркаванні і ў распаўсюджванні вельмі ўдалага фармату яе правядзення. Украінскі калега вызначыў тры часткі – экспертную, у якой прынялі ўдзел не толькі вучоныя і практыкі, але і кіраўнікі Міністэрства інфармацыі. Гэта надало дыскусіі асаблівы статус, прымусіла задумацца над праблемамі дзяржаўнага маштабу. Другая частка праходзіла ў фармаце панэльных дыскусій, што запатрабавала ад прысутных асаблівай ўвагі да маркетынгу выдавецкай справы, вылучэння асаблівых падыходаў у ацэнцы тэхналогій кнігавыдання, ажыццяўленні маніторынгу рынкаў, укараненні экалагічна бяспечных матэрыялаў, энерга- і рэсурсазберагальных тэхналогій у паліграфічнай прамысловасці. Трэцяя частка, на думку эксперта, стала асабліва запатрабаванай і ўражлівай, бо мела творчы характар. Сустрэча з Уладзімірам Ліпскім прыадчыніла маладым акенца ў сапраўдную майстэрню, духоўны свет пісьменніка. Інтэрактыўная экскурсія ў гісторыю выдавецкай справы, віртуальныя прэзентацыі, акадэмічныя студыі, творчыя майстэрні, захапляльныя паведамленні ад гасцей далі свой плён, сведчанне чаму – распачаты студэнтамі дыялог на інтэрнэт-пляцоўках, у аўдыторыях і на практычных занятках.
Трэба адзначыць, што творчыя сувязі факультэта журналістыкі БДУ з Палтаўскім нацыянальным універсітэтам імя У.Г.Караленкі набылі яшчэ большы імпульс. Гэта атрымае развіццё ў наступных навуковых форумах.