21 сакавіка ў Медыятэцы імя прафесара М.Я. Цікоцкага прайшла арганізаваная кафедрай літаратурна-мастацкай крытыкі творчая сустрэча, прысвечаная Міжнароднаму дню паэзіі.

 

IMG 3105

 

Вядучая імпрэзы Ангеліна Занько (студэнтка 2 курса) распавяла, што аддзяленне журналістыкі скончылі такія вядомыя паэты, як Мікола Аўрамчык, Міхась Стральцоў, Генадзь Бураўкін. Сярод выпускнікоў таксама Васіль Зуёнак, Анатоль Вярцінскі, Юрась Свірка, Анатоль Сербантовіч, Янка Сіпакоў, Навум Гальпяровіч, Мікіта Найдзёнаў, саліст гуртаNAVIBAND Арцём Лук’яненка… І зараз на факультэце журналістыкі працуюць і вучацца неабыякавыя да вершаў людзі.

 

IMG 3106

 

Супрацоўнікі Медыятэкі імя прафесара М.Я. Цікоцкага падрыхтавалі надзвычай інфарматыўную выставу з кнігамі і публікацыямі журфакаўскіх творцаў.

 

IMG 3112

 

Першым выступіў паэт, перакладчык, даследчык тэорыі і практыкі рэдагавання, кандыдат фiлалагiчных навук, дацэнт кафедры медыялінгвістыкі і рэдагавання Пятро Пятровіч Жаўняровіч. Пятро Пятровіч таксама распавёў пра апошнюю нізку вершаў у газеце “Літаратура і мастацтва”, адказаў на пытанні студэнтаў.

 

IMG 3126

 

Прачытаў прыгожыя і ўзнёслыя вершы аўтар зборнікаў «Паміж небам і багнаю» (1997), «Эстэтыка маўчання» (2011), знаўца тэорыі літаратуры і паэзіі Рыгора Барадуліна, кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры медыялінгвістыкі і рэдагавання Дуброўскі Аляксандр Уладзіміравіч (таксама вядомы як Алесь Дуброўскі-Сарочанкаў). Паэт у гутарцы са студэнтамі падзяліўся ўласнымі думкамі наконт творчай эвалюцыі, звязанай з узростам, наконт істотнай ролі ведання літаратуры і неабходнасці тэарэтычнай падкаванасці для вершаскладання, наконт уплыву на яго вершы іншых аўтараў (напрыклад, Р. Барадуліна).

 

IMG 3132

 

Аўдыторыя неверагодна цёпла сустрэла творцу, перакладчыка, журналіста, паэта, на вершы якога спявае Зміцер Вайцюшкевіч, удзельніка нефармальнага літаратурна-мастацкага руху «Бум-Бам-Літ», стваральніка і тэарэтыка логафармізму, творчага метаду сучаснай візуальнай паэзіі, старшага выкладчыка кафедры літаратурна-мастацкай крытыкі Арцёма Мікалаевіча Кавалеўскага. Арцём Мікалаевіч выступіў з інтымнай лірыкай. У дыялогу з публікай ён прызнаўся, што праца са студэнтамі часта дае зарад энергіі і натхняе яго на творчасць.

 IMG 3159

IMG 3164

 

Пасля першага паэтычнага блока студэнты 2 курса Ягор Рудачэнка і Настасся Гаргун правялі цікавую літаратурную віктарыну. Публіка актыўна адказвала на пытанні, за слушныя адказы прысутныя атрымлівалі прызы.

 

IMG 3127

 

У другой паэтычнай частцы выступілі з вершамі студэнты, якія вучацца на спецыяльнасці "Літаратурная работа (творчасць)". Насця Гаргун зачаравала публіку неверагоднай шчырасцю, Данііл Лысенка здзівіў яскравай метафарычнасцю і артыстызмам, Дар’я Смірнова ўразіла цікавай вобразнасцю і незвычайнай апрацоўкай слова.

 

IMG 3191

 

Усе прысутныя ўпэўніліся, што, сапраўды, паэзія яднае журфак.

 

IMG 3202

Вверх