У 2018 годзе створаны навуковы семінар па папярэдняй экспертызе дысертацыйных даследаванняў, які працуе на пастаяннай аснове. Падрабязней пра тое, як праводзіцца гэтая экспертыза, а таксама падрыхтоўка прац да абароны расказала старшыня навуковага семінара, доктар філалагічных навук, прафесар кафедры перыядычнага друку i вэб-журналiстыкi Галіна Казіміраўна Тычко.

IMG 9305 1

Навуковы семінар па папярэдняй экспертызе дысертацыйных даследаванняў існуе даўно. Аднак раней -- у Інстытуце журналістыкі -- ён склікаўся з непастаянных прадстаўнікоў, кожны раз нанова, у залежнасці ад тэматыкі прадстаўленай да абмеркавання працы: запрашалі супрацоўнікаў нашага інстытута, іншых устаноў, з якімі непасрэдна была звязана тэма дысертацыі. Безумоўна, найчасцей больш паловы яго складу былі адны і тыя ж навукоўцы. У 2018 годзе было вырашана стварыць семінар на пастаяннай аснове, у якім будзе задзейнічана пэўная колькасць членаў, супрацоўнікаў факультэта журналістыкі (10 – 11 чалавек). Аднак пры неабходнасці і ў залежнасці ад тэматыкі прадстаўленых дысертацый на семінар могуць запрашацца ў якасці экспертаў кваліфікаваныя спецыялісты з іншых факультэтаў, вну, альбо профільных устаноў. Так найчасцей адбываецца пры абароне доктарскай дысертацыі, дзе экспертамі могуць выступаць выключна спецыялісты па профілю ў рангу дактароў навук. Дарэчы, членамі семінара могуць быць толькі навукоўцы, якія маюць ступень кандыдата альбо доктара навук.

Члены семінара знаёмяцца з дысертацыяй, удзельнічаюць у яе абмеркаванні і большасцю галасоў прымаюць заключэнне экспертнай камісіі аб рэкамендацыі працы да абароны альбо аб яе дапрацоўцы згодна з выказанымі на абмеркаванні заўвагамі і вывадамі экспертаў. Дзейнасць навуковага семінара на пастаяннай аснове добра зарэкамендавала сябе на іншых факультэтах БДУ і ў іншых навуковых установах краіны. Безумоўна, навукоўцы, якія з’яўляюцца пастаяннымі членамі семінара, не толькі адчуваюць вялікую адказнасць за сваю працу, але і назапашваюць каштоўны вопыт кваліфікацыйнай ацэнкі навуковых даследаванняў. Яны могуць ацэньваць навуковы ўзровень дысертацыі, яе навізну ў кантэксце іншых прац, якія абмяркоўваліся на семінары, і адпаведна былі рэкамендаваныя альбо не рэкамендаваныя да абароны. Навуковы семінар – гэта своеасаблівая генеральная рэпетыцыя перад завяршальным этапам – абаронай дысертацыі на пасяджэнні савета па абароне. Галоўная задача семінара – пацвердзіць гатоўнасць дысертацыйнага даследавання да абароны альбо рэкамендаваць правесці дапрацоўку дысертацыі ў залежнасці ад выяўленых экспертамі недахопаў.

Нагадаю, што навуковы семінар – гэта не першы этап ацэнкі працы. Увесь працэс вельмі нагадвае вядомую беларускую казку «Лёгкі хлеб», калі воўк, пакаштаваўшы смачнага хлеба, захацеў яго есці заўсёды. Што было далей вы памятаеце… Так і з дысертацыйнымі даследаваннямі. Спачатку дысертант прадстаўляе працу навуковаму кіраўніку, потым, калі кіраўнік палічыць, што праца гатовая, адбываецца яе абмеркаванне членамі кафедры, на якой выконвалася даследаванне. Кафедра прымае рашэнне: рэкамендуецца дысертацыя да абароны ці патрабуецца яе дапрацоўка. Калі ўсё добра, наступны этап – гэта наш навуковы семінар, для якога на аснове пратакола кафедры загадам рэктара ствараецца экспертная камісія з трох чалавек. Экспертная камісія вывучае дысертацыйную працу, аўтарэферат, публікацыі і іншыя дакументы суіскальніка (пералік якіх змешчаны на сайце ўніверсітэта і ВАК) і піша заключэнне па прынятай форме. Калі заключэнне навуковага семінара станоўчае, суіскальнік сустракаецца са старшынёй савета па абароне дысертацый (у нас гэта доктар філалагічных навук, прафесар Алег Георгіевіч Слука) і ўзгадняе дату абароны. Ад савета па абароне прызначаецца яшчэ адзін эксперт, які рэкамендуе альбо не рэкамендуе дысертацыю да абароны, называе магчымую апаніруючую арганізацыю і афіцыйных апанентаў. Савет па абароне заслухоўвае эксперта, прымае яго заключэнне і прызначае дату абароны. У прызначаны час на пасяджэнні савета па абароне суіскальнік прадстаўляе асноўныя вынікі сваёй працы, адказвае на пытанні членаў савета, заўвагі, выказаныя ў водгуках на аўтарэферат, заўвагі апаніруючай арганізацыі і афіцыйных апанентаў. Пасля гэтага члены савета таемным галасаваннем прымаюць рашэнне: заслугоўвае суіскальнік прысуджэння навуковай ступені, на якую ён прэтэндуе, альбо не. Потым праца і адпаведныя дакументы накіроўваюцца ў ВАК, дзе пацвярджаецца рашэнне савета аб прысуджэнні навуковай ступені і выдаецца адпаведны дыплом, альбо суіскальнік запрашаецца на гутарку дзеля ўдакладнення тых ці іншых палажэнняў свайго даследавання. Вось такі прыблізна «лёгкі хлеб» у маладога навукоўца.

Самыя першыя крокі для тых, хто жадае ў будучым абараніць дысертацыю, пачынаюцца са студэнцкай лаўкі. Зараз ёсць шмат магчымасцей удзельнічаць у навуковых даследаваннях, пачынаючы з курсавых прац, са студэнцкіх канферэнцый як на факультэце журналістыкі, так і ў іншых вну. Склалася добрая традыцыя, што ў магістратуру паступаюць судэнты, якія ўжо маюць публікацыі сваіх навуковых прац. Потым распрацоўка дысертацыйнага даследавання будзе працягвацца ў аспірантуры, але важна

ўжо на пачатку выбіраць актуальную тэматыку будучых даследаванняў. Найбольш папулярныя тэмы ў галіне журналістыкі звязаны з інфарматызацыяй, інавацыйнымі тэхналогіямі, трансфармацыяй жанраў і самой сучаснай журналістыкі. Пры выбары тэмы варта ўлічваць найперш сваю асабістую зацікаўленасць, актуальнасць праблематыкі і яе навізну, а таксама адпаведнасць практычным запатрабаванням дзяржавы.

Падрыхтавала: Наталля Грыбко

Фота: Іаланта Казакова

Вверх