Дзень роднай мовы адзначылi на факультэце журналiстыкi БДУ. Фоторэпартаж
21 лютага 2019 года на факультэце журналістыкі прайшоў Мiжнародны дзень роднай мовы. Гэта свята пачалі адзначаць 20 гадоў таму, у 1999 годзе, пасля прапановы ЮНЭСКА такім чынам абараняць і захоўваць як мага больш моў свету.
Галоўная мэта свята - не забываць родную гісторыю, а асабліва сродак сувязі, на якім вялі гутарку продкі. Каб надаць асаблівую атмасферу дабрыні і цяплыні, з самай раніцы старасты і актывісты факультэта сустракалі студэнтаў з паперкамі, дзе былі прадказанні.
З дапамогай дацэнта кафедры медыялінгвістыкі і рэдагавання Ліліі Георгіеўны Шасцярнёвай была арганізавана святочная імпрэза, у якой непасрэдны ўдзел прынялі студэнты першага курса. Акрамя забаўляльных частушак, глыбокіх па сэнсе песень і народных танцаў, быў зроблены татальны дыктант, куды, дарэчы, прыйшлі 30 чалавек,- лепшая магчымасць праверыць валоданне беларускай мовай.
Майстар-клас "Зрабі сабе ляльку" не прымусіў сябе чакаць: студэнты ФЖ з задаваленнем зрабілі асабістую ляльку - прыемны напамін пра Дзень роднай мовы.
Усё свята завяршылася цудоўнай вечарынай з беларускімі хітамі. Таксама гасцей чакаў прыемны сюрпрыз - iмправiзаваная масленіца. Студэнты змаглі пачаставацца блінцамі і дранікамі са смятанай.
Нагадаем, што Дзень роднай мовы на факультэце журналістыкі праводзіўся ў дзявяты раз. Першы раз атмасфера гэтага свята з'явілася на паверхах факультэта ў 2011 годзе.