1 кастрычніка прайшла чарговая творчая сустрэча, арганізаваная кафедрай літаратурна-мастацкай крытыкі. На факультэт журналістыкі завітала іспанка і беларускамоўная паэтэса Анхела Эспіноса Руіс (ісп. Ángela Espinosa Ruiz).

Нягледзячы на малады ўзрост, Анхела Эспіноса Руіс, народжаная і выхаваная ў іншай культуры, мае некалькі ўласных зборнікаў паэзіі на беларускай мове: “Раяль ля мора” (2015), “Памяць пра будучыню” (2015), “Pomme de ciel” (2017). Таксама яна пераклала вершы М. Багдановіча на іспанскую мову (зборнік “Ecos de mi tierra/Згукі маёй бацькаўшчыны” (2017)). Анхела Эспіноса Руіс вядзе аўтарскую калонку ў часопісе “Маладосць”, яе вершы часта друкуюцца ў газеце “Літаратура і мастацтва”  ды іншых выданнях нашай краіны.
 
Анхела па-беларуску распавяла студэнтам пра сябе. Дзяўчына нарадзілася ў Малазе ў 1993 годзе, вывучала славянскую філалогію ў Гранадскім універсітэце. Варта адзначыць, што Анхела Эспіноса Руіс ведае шмат замежных моў (больш за 10), але менавіта беларуская захапіла сваёй мілагучнасцю, меладычнасцю і падалася дзяўчыне вартай таго, каб прысвяціць ёй сваё жыццё.

Анхела паступіла на беларусістыку ў Варшаўскі ўніверсітэт, дзе абараніла магістарскую дысертацыю “Мастацкі свет паэзіі Міхася Стральцова”. Зараз піша дысертацыю “Матывы фальклорнага паходжання ў прозе Я. Баршчэўскага і Г.А. Бекер” ва ўніверсітэце Камплутэнсе ў Мадрыдзе.
 
Анхела Эспіноса Руіс эмацыйна чытала вершы. Таксама агучыла радкі М. Багдановіча ў перакладзе на іспанскую і папрасіла аўдыторыю здагадацца, што гэта за верш. Студэнты адразу пазналі “Зорку Венеру”.
 
Дзяўчына з задвальненнем адказвала на пытанні наконт паэзіі, успрыняцця Беларусі іспанскімі вачыма. На развітанне Анхела пажадала ўсім як творцам − заставацца сабой, як журналістам – сумленна рыхтавацца да інтэрв’ю, як людзям – заўсёды бачыць чалавека ў чалавеку.

Вверх