19 верасня  на факультэце журналістыкі БДУ прайшла творчая сустрэча з паэтам, перакладчыкам, лаўрэатам шматлікіх літаратурных конкурсаў і прэмій Віталём Рыжковым.

В. Рыжкоў чытаў вершы як са свайго паэтычнага зборніка “Дзверы, замкнёныя на ключы” (2010), так і самыя новыя. Многія творы маладога, але ўжо прызнанага аўтара прысвечаны адвечным пытанням: сэнс жыцця, выбар у памежнай сітуацыі, каханне, адзінота.

Наступны верш даў назву кнізе паэзіі:

старая страціла розум. яе стары
хутка губляе зрок. і слых. на ўсё наваколле
па тэлефоне намякае на рознае. нумары
з большага выпадковыя.

зрэдку дазвоньваецца дачцэ. дачка
зрываецца з працы, прылятае ў вёску,
прыбіраецца ў хаце, просіць яшчэ пачакаць.
болей нічога не просіць.

гатуе старому. ўздыхае. кладзецца спаць,
ёй падоўгу не спіцца. такое гора:
усё-такі ж маці.
ранкам моўчкі з’язджае ў горад.

старая бачыць сябе маладой. пазнае
старога, дачку, вядоўцу з тэлепраграмы…
дзіўна глядзіць на ўнукаў. яны на яе
таксама.

старасць не лечыцца. кажа сваяк,
урач абласной бальніцы.
ён, улічваючы гэты факт,
браць на сябе адказнасць баіцца.

увечары дзверы замкнёныя на ключы.
стары чытае ўслых, пераказвае байкі.
радыё па начах маўчыць. увогуле ўсё маўчыць,
акрамя сабакі.
 

В. Рыжкоў не толькі чытаў свае творы, але і разам са студэнтамі разважаў пра літаратуру. Зацікаўленая публіка актыўна задавала пытанні.
 

Творца распавёў, што з 12 гадоў паставіў сабе норму чытаць не менш за 500 старонак на тыдзень і з таго часу яе прытрымліваецца. Тэорыю вершаскладання паэт вывучаў самастойна, самастойна давялося знаёміцца і са шматлікімі творамі замежнай і беларускай літаратуры, паколькі  сканчваў тэхнічную спецыяльнасць. Дарэчы, у вершах Віталя Рыжкова можна знайсці шмат  адсылак да вядомых мастацкіх тэкстаў. Бачна, што творы напісаны чалавекам, абазнаным у літаратуры.
 

Паэт калісьці пачынаў пісаць па-руску, аднак хутка зразумеў, што вершы не атрымліваюцца такімі, якімі мусяць быць. А калі перайшоў на беларускую мову, то ўсё атрымалася. В. Рыжкоў сказаў, што, на яго думку, у выпадку з мовай спрацоўвае генетычны фактар. Таму так мала па-сапраўднаму добрых паэтаў, якія б пісалі на мове чужой.
 

Студэнты заўважылі, што аўтарская манера прачытання вершаў нагадвае выкананне рэпу. І В. Рыжкоў прызнаўся, што яшчэ ў дзяцінстве захапляўся згаданым музычным кірункам, а зараз чытае рэп у гурце.
 
Паэт падкрэсліў, што не гоніцца за колькасцю выдадзеных кніг, а найперш сочыць за якасцю напісанага. Зараз В. Рыжкоў спрабуе сябе ў прозе і распачаў працу над першым раманам. Творца зачытаў некалькі кавалкаў з празаічнага тэксту, дзе штодзённасць паказана праз успрыняцце дзіцяці.
 
Таксама В. Рыжкоў агучыў мастацкі пераклад твора У. Маякоўскага “Размова з фінінспектарам пра паэзію” і падзяліўся сакрэтамі перакладчыцкага майстэрства.
Сустрэча атрымалася надзвычай цікавай, шчырай і пазнавальнай.
Імпрэза была арганізавана выкладчыкам кафедры літаратурна-мастацкай крытыкі Ірынай Чаславаўнай Часнок.

Вверх