28 мая адбылася імпрэза, прысвечаная юбілею кафедры літаратурна-мастацкай крытыкі. Падчас мерапрыемства з вітальным словам выступіла загадчык кафедры Саянкова Людміла Пятроўна.


Затым павіншавалі  кафедру з юбілеем намеснік дырэктара Самусевіч В.М., намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Драбеня Ф.В.
Адбылася прэзентацыя вучэбнай газеты  студэнтаў спецыяльнасці “Літработа” – “Завтрак на траве”, выдадзенай пад кіраўніцтвам Саянковай Л.П. Галоўны рэдактар Марыя Страх распавяла, што  ўвесь нумар прысвечаны гісторыі і працы кафедры літаратурна-мастацкай крытыкі і змяшчае інтэрв’ю з яе выкладчыкамі. Студэнты-аўтары расказалі, як супрацоўнікі кафедры часам раскрываюцца ў выданні з новага, нечаканага боку.

З арыгінальнымі падарункамі прыйшлі загадчыкі кафедр Інстытута журналістыкі і ганаровыя госці.

Гледачы пабачылі відэаролікі, прысвечаныя гісторыі кафедры і тэме творчасці. Іх, а таксама творчыя нумары (песні, сцэнкі) падрыхтавалі студэнты спецыяльнасці “Літработа” пад кіраўніцтвам Лакцевіч К.В. Удзельнікі мерапрыемства маглі пазнаёміцца і з дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам на арганізаванай міні-выставе.
Спецыяльна да юбілею супрацоўнікі бібліятэкі ІЖ БДУ падрыхтавалі ў 308-ай аўдыторыі змястоўную выставу публікацый выкладчыкаў кафедры. Для выставачнага матэрыялу былі задзейнічаны нават сцены: на стэндах усё не змяшчалася. І гэта не здзіўляе, паколькі менавіта кафедра літаратурна-мастацкай крытыкі лідзіруе па колькасці публікацый на факультэце.
Не забыліся пра святочную дату і галоўныя рэдактары літаратурна-мастацкіх выданняў “Маладосць”, “Полымя”. Галоўны рэдактар апошняга А. Мальчэўская – выпускніца і сумяшчальнік кафедры.
С. Дзянісава, галоўны рэдактар “Маладосці”, у сваім выступе адзначыла, што кафедра надзвычай цесна супрацоўнічае з часопісам, вядзе спецыяльную сумесную рубрыку, некаторыя студэнты “Літработы” сталі штатнымі супрацоўнікамі выдання, а многія рэгулярна там друкуюцца.
Выкладчыкі Гіргель Д.М. і Часнок І.Ч. правялі віктарыну, прысвечаную юбілею. Многія студэнты ўпершыню пачулі, што Саянкова Л.П. выйграла грант і стажыравалася ў ЗША, а Т.Д. Арлова так адказна падыходзіць да журналісцкай працы, што ў пэўны час скончыла курсы сельскай гаспадаркі, каб пісаць пра кукурузу.
Павіншаваць кафедру прыйшлі і студэнты іншых спецыяльнасцей. “Друкаваныя СМІ” падрыхтавалі відэа, “Інфакам” парадаваў музычным нумарам, з арыгінальнай песняй выступілі прадстаўнікі “Рэдагавання”.

Мерапрыемства прайшло ў цёплай, надзвычай сяброўскай атмасферы.
Напрыканцы ўсіх гасцей пачаставалі смачным тортам.

Вверх