У аўторак, 15 мая 2018 г., каманда трэццякурснікаў журфака брала ўдзел у віктарыне юрыдычнага факультэта БДУ пад назвай «Прававы юрыдычны квіз».

Мерапрыемства было прыўрочана да Дня Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь і Дзяржаўнага флага Рэспублікі Беларусь. Каманда з гучнай назвай «Акулы пяра» (капітан – Анастасія Селюта, члены – Мікалай Заяц, Маргарыта Гармаза, Вікторыя Прыгодская, Лідзія Заблоцкая, Аксана Крупнова) рыхтавалася да спаборніцтваў сур’ёзна – усё-ж-такі ім супрацьстаялі 7 калектываў, таксама рашуча настроеных на перамогу.

Арганізатары квізу зрабілі ўсё магчымае, каб удзельнікі віктарыны як след паламалі галовы над няпростымі пытаннямі. Дабраліся нават да юрыдычных тонкасцяў антычнай Грэцыі, старажытнай Індыі і часоў свяшчэннай Рымскай імперыі, у якіх студэнты-юрысты разбіраліся з веданнем справы, адчуваючы сябе, як рыба ў вадзе. Але ж як уздыхнулі нашы журналісты, калі справа дайшла да газеты «Мужыцкая праўда», публіцыста Язэпа Лёсіка і дзяржаўных моў БССР у 1927–1936 гг. Агульнымі намаганнямі журфакаўцы вырваліся ў прызёры спаборніцтваў, заняўшы ганаровае трэцяе месца сярод каманд-удзельніц.

Што ж, ёсць яшчэ порах у парахаўніцах! Заўважым, што адчуваць сябе ў стане на роўных змагацца з камандамі іншых гуманітарных факультэтаў дарагога каштуе. Па гарачых слядах «акулы пяра» падзяліліся сваімі ўражаннямі ад спаборніцтваў:

Анастасія Селюта:
«Я ўпэўнена, што галоўным сакрэтам нашага поспеху стала зладжаная камандная праца. І мне, як капітану, было вельмі важна бачыць, што кожны з нас з павагай ставіцца да чужога меркавання і нацэлены на перамогу. Вялікі дзякуй арганізатарам квізу за магчымасць праверыць сябе і атрымаць новыя веды!»

Мiкалай Заяц:
«Для кожнага журналiста важна мець пэўныя веды ў многiх галiнах жыццядзейнасцi чалавека, у тым лiку i ў сферах права i гiсторыi. Удзел у мерапрыемстве, арганiзаваным юрфакаўцамi, дапамог узгадаць такiя веды. Разам з камандай мы прадэманстравалi свой узровень, у вынiку i занялi прызавое месца. Было цiкава i вельмi карысна. Думаю, калегi па камандзе згадзяцца, што мы б яшчэ раз ахвотна наведалi такое мерапрыемства!»

Маргарыта Гармаза:
«Азарт і эмоцыі заахвоцілі з першых хвілін і не адпускалі да канца. Памятаю словы і выраз твару Насці, калі аб’явілі, что квіз скончыўся: “Усё? Як усё?” Тут я зразумела: не адной мне гэта ўсё так спадабалася. Пачуццё, калі не чуеш назву сваёй каманды на 8, 7, 6, 5, 4 месцах прымушае ганарыцца нашым Інстытутам!»

Пётр Дарашчонак, куратар журфакаўскай каманды:
– Усе члены каманды «Акулы пяра» дзейнічалі вельмі зладжана, удала дапаўнялі адзін аднаго. Па ўсім відаць, рыхтаваліся старанна, што і бачна па атрыманаму выніку. Малайцы!

Вверх