Напярэдадні Дня Перамогі студэнты факультэта журналістыкі ўсклалі кветкі да помніка першаму рэдактару падпольнай газеты «Звязда» Герою Савецкага Саюза Уладзіміру Сцяпанавічу Амельянюку і журналістам-патрыётам, якія ў жорсткіх умовах акупаванага Мінска выпускалі падпольную газету.

Уладзімір Амельянюк нарадзіўся ў 1917 годзе. Да вайны быў студэнтам 3 курса Камуністычнага інстытута журналістыкі (КІЖ). Вайна застала яго ў Беластоку, дзе праходзiў вытворчую практыку. Шмат дзён прабiраўся ў Мiнск… 18 мая 1942 года быў аддрукаваны першы нумар падпольнай «Звязды» тыражом 2 500 экзэмпляраў. Для ворага выхад газеты быў падобны да выбуху магутнай бомбы. Кожнаму падпольшчыку было зразумела, што чакае ў выпадку правалу. Журналісты свядома рабілі свой выбар – і плацілі жыццямі за магчымасць данесці да народа Слова Праўды. У страшэнных пакутах закатаваны гітлераўцамі Мiхаiл Пятровiч Воранаў i яго сын Мiхаiл, Арсенiй Сяргеевiч Грышын, Вячаслаў Кандратавіч Нікіфараў, іншыя ўдзельнікі выдання падпольнай «Звязды». Трагічна склаўся лёс сям’і Хадасевічаў – Пятра Канстанцінавіча і Альбіны Адольфаўны, іх сыноў Косці (1929 г. н.) i Паўла (1927 г. н.), усе яны загінулі ў нямецкай турме.

Помнік журналістам-падпольшчыкам устаноўлены на плошчы Незалежнасці беларускай сталіцы – непадалёк ад таго месца, дзе 26 мая 1942 г. у перастрэлцы з агентам СД загінуў Уладзімір Амельянюк – у няпоўныя 25 гадоў.

На здымках: студэнт КІЖа Уладзімір Амельянюк і сённяшнія студэнты-журфакаўцы.

Фота Ганны Варонка.

Вверх