Прэзентацыя новай кнігі прафесара Вiктара Іўчанкава «Беларуская арфаграфія ў медыя» адбылася 20 лютага на факультэце журналiстыкi
У дапаможніку аналізуюцца беларускія медыя ў аспекце рэалізацыі асноўных палажэнняў Закона Рэспублікі Беларусь «Аб Правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі» (2008). Асноўная мэта дапаможніка – стварэнне ў студэнта цэласнага, сістэмнага ўяўлення аб функцыянаванні мовы ў яе стылявых разнавіднасцях, магчымасцях выкарыстання розных моўных сродкаў для максімальна поўнага здавальнення камунікатыўных патрэб журналіста як аўтара, карэктара і рэдактара. Прадстаўлены матэрыял закліканы садзейнічаць усвядомленаму разуменню арфаграфічнай з’явы – базавага элемента арганізацыі журналісцкага твора.
«Ведаеце, з часам я усё больш пераконваюся ў тым, што самае галоўнае пачуццё, адчуванню якога ў жыцці важна навучыцца кожнаму чалавеку, гэта ўдзячнасць. Важна быць ўдзячным тым людзям, хто падтрымаў добрым словам у адказны момант, шчыра падзяліўся дарэчнай парадай ці проста усміхнуўся ў непагодлівы дзень. Важна быць ўдзячным за гэтыя праявы неабыякавасці, бо, хто ведае, можа менавіта яны стануць для нас лёсавызначальнымі.
Як для мяне стаў спачатку выкладчыцкі, потым навуковы, а зараз і сяброўскі ўнёсак прафесара Іўчанкава ў маё прафесійнае жыццё. Дарэчы, вельмі ўдзячнага і адданага сваім настаўнікам чалавека. Медыятэка імя Міхася Яўгенавіча Цікоцкага, дзе мы знаходзімся зараз, абсталявана, ушанавана і ўпрыгожана фотаздымкамі ў гэтым утульным куточку, менавіта дзякуючы Віктару Іванавічу.
Таму вельмі сімвалічна, што тут, у Медыятэцы, мы з захапленнем сёння гартаем старонкі Вашай новай кнігі, даражэнькі Віктар Іванавіч. Вучэбнага выдання, эмпірычны матэрыял для якога Вы назапашвалі на працягу 30 гадоў і як распрацоўшчык удасканаленых правіл беларускага правапісу, і як вопытны журналіст, і як аўтарытэтны вучоны. Выдання, дзякуючы якому новыя пакаленні нашых студэнтаў, аспірантаў і выкладчыкаў пашыраць свае акадэмічныя і прафесійныя веды. І зробяць гэта з ўдзячнасцю за Вашу нястомную працу, за выбітныя дасягненні, за шчырае і вельмі добрае сэрца!» – адзначыла загадчыца кафедры перыядычнага друку і вэб-журналістыкі Святлана Харытонава.
Таксама падчас мерапрымства адбылася цырымонія ўзнагароджання пераможцаў Студыі маладзёжнага лідара «Эфектыўная прамова».
Прэзентацыя арганiзавана кафедрай перыядычнага друку і вэб-журналістыкі. Мерапрыемствы прымеркаваныя да святкавання Міжнароднага дня роднай мовы (21 лютага)
Фота: Кацярына Гуртавая.