17 сакавіка ў анлайн-фармаце адбылося пасяджэнне Стылістычнай камісіі пры Міжнародным камітэце славістаў. Нашу краіну ў ёй прадстаўляе прафесар Віктар Іўчанкаў, які выступіў перад вучонымі з 18 краін свету з дакладам “Беларуская стылістыка ў сусветнай інфармацыйна-камунікацыйнай прасторы”.

 

123 vi

 

Гаворка ішла пра станаўленне беларускай стылістыкі, гістарычныя асаблівасці фарміравання літаратурнай формы мовы, выкліканыя перарванай кніжна-пісьмовай традыцыяй у XVII-XIX стагоддзях. Вучоны заўважыў, што ў ХХ ст. назіраецца агульная для славяназнаўства тэндэнцыя да вывучэння розных узроўняў мовы праз прызму функцыянальнай стратыфікацыі маўлення. Асаблівае месца ў даследаваннях таго часу займае мова мастацкай літаратуры, на эмпірычнай базе якой развіваюцца розныя стылістычныя вучэнні і накірункі.

 

Беларуская стылістыка характарызуецца ўласным інструментарыем даследавання, звязаным перш за ўсё з актыўным вывучэннем публіцыстычнага маўлення і анталогіяй білінгвальнай прыроды функцыянальных стыляў. Удзельнікам форуму быў прадэманстраваны фільм пра стваральніка беларускай стылістыкі – Міхася Яўгенавіча Цікоцкага.

 

Даклад стаў працягам цыклу вывучэння славянскіх стылістык. Так, на папярэднім пасяджэнні (17 лютага 2023 года) быў заслуханы даклад аб балгарскай стылістыцы.

 

У парадак дня сакавіцкага пасяджэння камісіі ўвайшлі таксама паведамленні прафесара Вольгі Арганёвай (Славакія) аб стварэнні слоўніка стылістычных дэфініцый, прафесара Бранка Тошавіча (Аўстрыя) – пра арганізацыю тэматычнага блока камісіі ў Бялградзе. Былі абмеркаваны пытанні аб правядзенні ў Ерэване канферэнцыі “Стылістыка сёння і заўтра”.

Вверх