На факультэце журналістыкі БДУ 25 мая было асабліва людна... І асабліва творча: сюды з’ехаліся з усёй рэспублікі пераможцы літаратурнага конкурсу для студэнтаў і школьнікаў «БрамаМар». Конкурс у гэтым годзе прайшоў у адзінаццаты раз — ён быў ініцыяваны студэнтамі кафедры літаратурна-мастацкай крытыкі ў 2010-м годзе. Як сказалі вядучыя вечарыны, студэнты-першакурснікі, дзесяць з лішнім гадоў конкурса — гэта ўжо цэлае маленькае жыццё. За гэты час праект з унутрыфакультэцкага вырас да рэспубліканскага, акрамя студэнтаў, у ім прымаюць удзел школьнікі. Намінацыі самыя розныя — проза, паэзія, крытыка, драматургія... Колькі тых, што перамаглі ў гэтым конкурсе, пасля сталі студэнтамі таго ж журфака, для колькіх з удзелу ў конкурсе пачаўся шлях у літаратуру! Вельмі сімвалічна, што сярод сёлетніх сяброў журы і выкладчыкаў журфака — маладая пісьменніца Надзея Тачыцкая, якая некалькі гадоў таму стала пераможцай конкурса «БрамаМар».

 

BramaMar 2022 01

 

BramaMar 2022 02

 

BramaMar 2022 21

 

Недарэмна слоган конкурса — «Пачні свой шлях да мары». Адметнасць сёлетняга конкурсу — яго арганізатарамі сталі самі студэнты, а менавіта каманда першакурснікаў. Хаця ёсць і ўвесьчасны куратар — дацэнт кафедры літаратурна-мастацкай крытыкі Уладзімір Капцаў. А студэнтам добрая практыка: можна не толькі стаць удзельнікам «роднага» конкурса, але напісаць пра яго рэпартаж, зрабіць фотасесію, прыдумаць цікавы відэаролік... Менавіта такія відэаролікі былі паказаныя падчас урачыстай часткі — узнагароджвання лаўрэатаў... А да гэтага лаўрэаты займелі магчымасць пабываць на майстар-класах і творчых сустрэчах сяброў журы, а склад яго традыцыйна прадстаўнічы — дырэктар Выдавецкага дома «Звязда», галоўны рэдактар газеты «Звязда», старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Аляксандр Карлюкевіч, дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура» Алесь Бадак, намеснік дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура» — галоўны рэдактар часопіса «Полымя» Віктар Шніп, галоўны рэдактар часопіса «Маладосць» Вольга Рацэвіч, загадчык кафедры літаратурна-мастацкай крытыкі БДУ Людміла Саянкова, пісьменніца Людміла Рублеўская ды іншыя. Дарэчы, у гэтым годзе з’явіліся дзве імянныя намінацыі ў памяць колішніх сяброў журы «БрамаМар», выкладчыкаў і вядомых пісьменнікаў Пятра Васючэнкі і Галіны Багданавай.

 

BramaMar 2022 19

 

BramaMar 2022 03

 

BramaMar 2022 09

 

BramaMar 2022 13

 

BramaMar 2022 14

 

—Удзел у такім конкурсе як мінімум дае стымул для працы., дасягнення новых творчых вышынь, — заўважыў Алесь Бадак. — Сёння вы можаце адразу размясціць свой твор у інтэрнэце і атрымаць шмат лайкаў. Але не забывайцеся, што папяровая кніга ці літаратурны часопіс як былі вельмі важныя для кожнага пісьменніка, так і застануцца. Чым больш праходзіць часу, тым больш расце каштоўнасць папяровай кнігі.

 

BramaMar 2022 08

 

Алесь Бадак пажадаў юным пісьменнікам і паэтам, каб яны як мага часцей друкаваліся ў літаратурных часопісах. Пра тое ж казаў і Віктар Шніп, які заклікаў іх несці свае творы найперш у часопіс «Маладосць», які адмыслова створаны, каб падтрымліваць такіх, як яны. А рэдактар «Маладосці» Вольга Рацэвіч паабяцала, што творы пераможцаў, паводле традыцыі, якая існуе ўжо шмат гадоў, будуць надрукаваныя ў гэтым часопісе.

Сёлета на конкурс «БрамаМар» было даслана каля трох з паловай соцень твораў з розных куточкаў Беларусі. Сярод адзначаных — Марат Крупко з гімназіі № 1 горада Салігорска, Антаніна Куклік з Барсукоўскай сярэдняй школы, Паліна Корнева з гімназіі № 2 г.Барысава, Віталь Мінкоўскі з гімназіі-інтэрната г. Мядзеля, Ангеліна Ветлава з Маркаўскай сярэдняй школы Маладзечанскага раёну, Ангеліна Жук з сярэдняй школы № 2 г.Стоўбцы і шмат іншых юных талентаў. Зразумела, атрымалі адзнакі і «мясцовыя» студэнты-журфакаўцы.

 

BramaMar 2022 16

 

BramaMar 2022 07

 

Многія з лаўрэатаў прыехалі з бацькамі і настаўнікамі. Людміла Саянкова адзначыла, што колькасць удзельнікаў конкурса расце кожны год, і ёй, як загадчыцы кафедры літаратурна-мастацкай крытыкі, прыемна, што і намінацыя крытыкі пашыраецца — у гэтым годзе знайшлося два дзясяткі прэтэндэнтаў на такой вельмі сур’ёзнай пляцоўцы.
Сябры журы адзначылі, што ў гэтым годзе аказалася шмат прац на беларускай мове, што вельмі прыемна, бо сведчыць пра тое, што цікавасць да роднай культуры ўзрастае. Зразумела, увагу ўдзельнікі аддалі тэме Вялікай Айчыннай вайны і гістарычнай памяці.

 

BramaMar 2022 15

 

—Любы твор пішацца і сэрцам, і розумам, — звярнулася да літаратараў-пачаткоўцаў дэкан факультэта журналістыкі Вольга Самусевіч. — І калі ў чалавека ёсць глыбіня душы, калі яму ёсць што сказаць, ёсць думкі, пачуцці, то абавязкова ён будзе пачуты, і яго твор знойдзе водгук у іншых людзей. Будзьце адкрытыя гэтаму свету, адкрытыя людзям, гаварыце, калі ёсць што сказаць.

 

BramaMar 2022 12

 

Лаўрэаты атрымалі дыпломы і падарункі ад Выдавецкага дома «Звязда», а з іх творамі можна будзе ў будучым пазнанёміцца на старонках беларускіх літаратурных выданняў.

 

BramaMar 2022 25

 

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах Выдавецкага дома «Звязда». Тэкст: Людміла Іванова, фота: Анiта Глазко.

Вверх