23–24 лютага 2022 года на факультэце журналістыкі БДУ адбудзецца V Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Стылістыка: мова, маўленне і тэкст», прысвечаная 100-годдзю заслужанага работніка адукацыі Рэспублікі Беларусь, доктара філалагічных навук, прафесара Міхася Яўгенавіча Цікоцкага – заснавальніка кафедры стылістыкі і літаратурнага рэдагавання (сёння – кафедра медыялінгвістыкі і рэдагавання).
Канферэнцыя пройдзе ў дыстанцыйным фармаце на платформе Zoom (спасылка – у праграме).
Для ўдзелу ў канферэнцыі заяўкі падалі больш чым 50 навукоўцаў з Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы. У прыватнасці, выступяць з дакладамі ўдзельнікі з Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. С. Пушкіна, Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта, Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М. В. Ламаносава (Расія), Пермскага дзяржаўнага нацыянальнага даследчага ўніверсітэта (Расія), Уральскага федэральнага ўніверсітэта (Расія), Сумскога дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя А. С. Макаранкі (Украіна), Варшаўскага ўніверсітэта (Польшча) і інш.
На пленарным пасяджэнні і пасяджэннях секцый будуць асвятляцца праблемы стылістыкі ў сучасным свеце, дынамічныя працэсы ў мове і стылі СМІ, дыскурсны аналіз СМІ, медыярыторыка і рэдагаванне, функцыянаванне слова ў мастацкім і публіцыстычным тэксце, новая парадыгма інфармацыйнага ўзаемадзеяння ў журналістыцы.
Да пачатку канферэнцыі выдадзена навуковае электроннае выданне – зборнік матэрыялаў канферэнцыі.
З праграмай канферэнцыі можна азнаёміцца па спасылцы.