У медыятэцы імя М. Я. Цікоцкага 29 верасня адбылася літаратурна-музычная гасцёўня да юбілею доктара філалагічных навук, прафесара Таццяны Мікалаеўны Дасаевай. Віншаванні прагучалі ад калег і студэнтаў. Фотарэпартаж – у фотагалерэі сайта.
“Такія юбілейныя даты шаноўных, любімых, выключных людзей на факультэце журналістыкі – гэта свята для выкладчыкаў, студэнтаў, тых, хто ўжо скончыў вучобу”, – падкрэсліла ў віншавальным слове дэкан факультэта Вольга Міхайлаўна Самусевіч.
Журфакаўская гісторыя Таццяны Мікалаеўны Дасаевай пачалася ў 1998 годзе. На факультэт яна прыйшла ў якасці дацэнта кафедры літаратурна-мастацкай крытыкі і займала гэтую пасаду на працягу пяці год. Пасля, з 2003 па 2018 гады ўзначальвала кафедру замежнай журналістыкі і літаратуры.
Сёння Таццяна Мікалаеўна – прафесар кафедры міжнароднай журналістыкі. Таксама яна з’яўляецца членам экспертнага савета № 7 па філалагічных навуках Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Рэспублікі Беларусь.
Падчас гасцёўні ў гонар юбілею прафесара студэнты спецыяльнасці “журналістыка міжнародная” выступілі з творчымі нумарамі. У імпрэзе паўдзельнічалі замежныя навучэнцы.
Адметнасцю мерапрыемства сталі вершы Міколы Жука – настаўніка, паэта, бацькі Таццяны Мікалаеўны. Яго моцны ўплыў на лёс і вялікую ролю сям’і ў сваім жыцці падкрэсліла юбілярка. Прысутныя пабачылі каштоўныя кадры з асабістага архіва прафесара.
За гады працы на журфаку Таццяна Мікалаеўна была ініцыятарам шматлікіх літаратурных імпрэз, менавіта яна ў 1998 годзе стварыла аб’яднанне аматараў прыгожага пісьменства “Вуліца летуценнікаў”.
“Што важна ў працы выкладчыка? Калі ты яе любіш і разумееш, што гэта такое, бо твае бацькі былі настаўнікамі”, – адзначыла Таццяна Мікалаеўна і дадала: “Мяне натхняе журфак, ён дае кожнаму з нас магчымасць самарэалізавацца”.
Да святкавання падрыхтаваны відэаролік, дзе праілюстраваны ключавыя падзеі ў працоўнай біяграфіі Таццяны Мікалаеўны Дасаевай.
Супрацоўнікі бібліятэкі прадставілі асноўныя публікацыі прафесара ў выстаўцы “Летапіс жыцця і творчасці Таццяны Мікалаеўны Дасаевай”.