Першага ліпеня 2021 года ў рамках 60-х Пецярбургскіх чытанняў “Медыя ў сучасным свеце” адбылося адкрыццё 5 Міжнароднай канферэнцыі “Мова ў каардынатах массмедыя”. З прывітальным словам на пленарным пасяджэнні форума выступіў старшыня нацыянальнай Медыялінгвістычнай падкамісіі прафесар Віктар Іўчанкаў.
Вучоны адзначыў: “Сардэчна вітаю з нагоды правядзення міжнароднай канферэнцыі “Мова ў каардынатах масмедыя” – важнага інтэлектуальнага форума, які сабраў таленавітых вучоных, дасціпных даследчыкаў і які зорным россыпам наталяе прагу пазнання навуковых цэнтраў славянскіх і неславянскіх краін! Ужо стала звыклым, што вынікам працы канферэнцыі становяцца цікавыя ініцыяцыі і карысныя парады, прапановы і праекты, якія Медыялінгвістычная камісія пры Міжнародным камітэце славістаў паспяхова і плённа ажыццяўляе. Навуковая прастора медыялінгвістычных даследаванняў пашыраецца, у яе ўліваюцца новыя сілы. Так, у склад беларускай падкамісіі ўвайшлі прафесары Васіль Сянкевіч і Анатоль Гіруцкі, дырэктар Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі Ігар Капылоў. Аўтарытэт адгалінавання, спароджанага 21 стагоддзем, – медыялінгвістыкі, нарастае і сведчыць пра вострую запатрабаванасць гэтай сферы ў мовазнаўцаў і журналістаў, у навуковай грамадскасці”.
З вітальнымі словамі выступілі і прадстаўнікі нацыянальных падкамісій Балгарыі, Польшчы, Сербіі, Славакіі, Літвы, Чэхіі.