Падчас XVIII Мінскай міжнароднай выставы-ярмаркі 19 лютага адбылася прэзентацыя персанальнай энцыклапедыі “Уладзімір Караткевіч”, у стварэнні якой актыўна ўдзельнічалі выкладчыкі факультэта журналістыкі.
Прафесар Віктар Іўчанкаў адзначыў: “Гэтая фундаментальная праца стане трывалым падмуркам для даследавання творчасці класіка беларускай літаратуры, адкрые новыя далягляды ў вывучэнні духоўнай скарбніцы народа – беларускага вобразнага слова, прыдасць новы стымул для пашырэння культурных сувязей на міжнароднай арэне”.
Дырэктар выдавецтва “Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі” Вольга Ваніна вельмі цёпла выказалася пра адметную ролю журфака, кафедры медыялінгвістыкі і рэдагавання ў плённым супрацоўніцтве. На ўрачыстасцях яна ўручыла Падзякі выдавецтва прафесару Віктару Іўчанкаву і дацэнту Пятру Жаўняровічу за значны асабісты ўнёсак у стварэнне энцыклапедыі.