У мэтах ушанавання памяці журналістаў, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, студэнты першага курса спецыяльнасці «Журналістыка (друкаваныя СМІ)» ўсклалі кветкі да помніка першаму рэдактару падпольнай газеты «Звязда» Герою Савецкага Саюза Уладзіміру Амельянюку і журналістам-патрыётам, якія ў жорсткіх умовах акупаванага Мінска выпускалі падпольную газету.

Мерапрыемства адбылося ў межах заняткаў па дысцыпліне «Тэхналогіі інтэрв'ю» прафесара кафедры медыялогіі Таццяны Уладзіміраўны Падаляк на тэму «Жанравы і тэматычны дыяпазон падпольнага і партызанскага друку Беларусі (1941–1944)».

Kvetki november20

Журналісты-падпольшчыкі пад пагрозай смерці збіралі інфармацыю, здабывалі паперу і шрыфты, каб выдаць газету і распаўсюдзіць яе сярод жыхароў Беларусі. 18 мая 1942 года быў аддрукаваны першы нумар падпольнай «Звязды». Для ворага выхад газеты быў падобны да выбуху магутнай бомбы. Кожнаму падпольшчыку было зразумела, што чакае ў выпадку правалу. Журналісты свядома рабілі свой выбар – і плацілі жыццямі за магчымасць данесці да народа дакладную інфармацыю.

Помнік журналістам-падпольшчыкам знаходзіцца ў цэнтры горада: на плошчы Незалежнасці, каля Чырвонага касцёла. Менавіта тут у сонечны майскі дзень 1942 года быў забіты рэдактар «Звязды» Уладзімір Сцяпанавіч Амельянюк. Малады чалавек ішоў на «явачную кватэру», якая знаходзілася ў суседнім будынку, дзе была аптэка. Яго высачыў правакатар, агент СД, завязалася перастрэлка… Патрыёт загінуў у няпоўныя 25 гадоў.

Традыцыя ўскладаць кветкі да помніка Уладзіміру Амельянюку і ўшаноўваць памяць журналістаў-падпольшчыкаў з'яўляецца важным элементам выхавання і адукацыі журналістаў, бо гэта прымушае задумацца аб тым, праз якія цяжкасці і страты даводзілася прайсці ў час вайны, каб займацца журналістыкай. Першакурснікі дакрануліся да гісторыі прафесіі, якую выбралі!

Ганна Ровіна, студэнтка 1 курса факультэта журналістыкі БДУ

Фота Вольгі Бугаёвай

Вверх