Напярэдадні юбілею Яна Скрыгана – выдатнага беларускага пісьменніка, аднаго з першапраходцаў беларускага нарыса – яго дачка Галіна перадала ў дар факультэту журналістыкі два экзэмпляры вялікага альбома «Фоталетапіс з хатняга архіва Яна Скрыгана»: медыятэцы імя прафесара М. Цікоцкага і кафедры медыялогіі. Кніга выйшла ў гэтым годзе ў выдавецтве «Кнігазбор», яе ўкладальніцай, аўтарам прадмовы і каментарыяў стала Галіна Іванаўна Скрыган.
Ян Скрыган нарадзіўся ў вёсцы Труханавiчы Слуцкага павета (цяпер гэта Капыльскі раён) 16 лістапада 1905 года. Пачатковую адукацыю атрымаў у мясцовай царкоўна-прыхадской школе, потым вучыўся ў Слуцку ў Беларускай гімназіі і сельскагаспадарчым тэхнiкуме. Але з 4 курса Янка Скрыган пакiнуў тэхнікум: юнак, захоплены лiтаратурай, вырашыў менавiта ёй прысвяцiць жыццё. Працаваў у акруговых газетах у Слуцку, Расонах, Полацку. У 1932 г. скончыў лiтаратурна-лiнгвiстычнае аддзяленне БДУ, працаваў у газеце «Лiтаратура i мастацтва». Быў членам лiтаб’яднанняў «Маладняк» i «Лiтаратурна-мастацкая камуна». Выйшлi яго кнiгi «Права на энтузiязм», «Недапiсаны профiль» «Затока ў бурах», «Сустрэчы».
У 1936 годзе Яна Скрыгана арыштавалi па абвінавачанні ў «контррэвалюцыйнай дзейнасці». 18 гадоў без Радзiмы, калi пра творчасць нельга было i марыць. У 1955 годзе, пасля поўнай рэабiлiтацыi, Ян Скрыган вярнуўся ў Беларусь, у літаратуру і публіцыстыку. Яго кнiгi аповесцяў i апавяданняў, успамiнаў, лiтаратурных партрэтаў, артыкулаў па праблемах лiтаратурнага майстэрства i культуры мовы – сярод найлепшых у гiсторыi нацыянальнай лiтаратуры.
Медыятэка імя прафесара М. Цікоцкага да юбілею Яна Скрыгана падрыхтавала выстаўку яго твораў.