У красавіку 2020 года выйшла ў друк кніга дацэнта кафедры медыялінгвістыкі і рэдагавання Юліі Лук’янюк “Беларуская філасофская тэрміналогія: вытокі, семантыка, словаўтварэнне”.
Аўтар выказвае шчырае шанаванне памяці прафесара В. П. Краснея – паважанага Настаўніка, улюбёнага ў беларускую мову і сваю прафесію, каштоўныя парады якога мелі вялікае значэнне на ўсіх этапах праведзенага даследавання.
Глыбокую ўдзячнасць за падтрымку і добразычлівыя адносіны да працы Ю. Лук’янюк выказвае супрацоўнікам кафедры медыялінгвістыкі і рэдагавання факультэта журналістыкі БДУ і асабіста загадчыку кафедры доктару філалагічных навук прафесару В. І. Іўчанкаву.
У кнізе даследуюцца паходжанне, структура і лексіка-семантычныя асаблівасці беларускай філасофскай тэрміналогіі. Ёсць таксама раздзел «Лінгвістычная майстэрня», які прысвечаны найбольш значным арыгінальным публікацыям асобных беларускіх вучоных-тэрмінолагаў.
Адрасуецца навукоўцам, аспірантам, студэнтам філалагічных спецыяльнасцей вышэйшых навучальных устаноў і тым, хто цікавіцца пытаннямі беларускага тэрмінаўтварэння.