На базе выдавецтва “Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі” створаны філіял кафедры медыялінгвістыкі і рэдагавання факультэта журналістыкі.
Кафедру і выдавецтва звязваюць даўнія творчыя сувязі, якія мацуюцца і развіваюцца. Сведчаннем цеснага супрацоўніцтва з’яўляюцца тыя факты, што зараз сумеснымі намаганнямі ствараецца энцыклапедыя “Уладзімір Караткевіч”, наладжана эфектыўная праца як па мэтавым адборы для прадпрыемства выпускнікоў па спецыяльнасці “Літаратурная работа (рэдагаванне)”, так і па далучэнні супрацоўнікаў выдавецтва да навучальнага працэсу. Так, прафесійную “прапіску” ў выдавецтве знайшла лепшая выпускніца Вольга Давідовіч (Хурсік), а сёлетні выпускнік Вадзім Багуцкі ўжо залічаны ў штат.
Дырэктар выдавецтва Вольга Ваніна рупліва перадае свой вопыт у аўдыторыі, і на прафесійных пляцоўках. Яна не раз узначальвала ДЭК і ў гэтым годзе ўваходзіць у склад экзаменацыйнай камісіі. Сумесныя планы поўняцца цікавымі праектамі, рэалізацыя якіх будзе карыснай справай і для БДУ, і для базавага прадпрыемства.