У газеце «Літаратура і мастацтва» 2 лістапада 2018 г. змешчана цікавая нататка, прысвечаная ўжыванню ў тэкстах такога знака прыпынку, як двукроп'е. Яно, на жаль, выцясняецца працяжнікам. Аўтар — дацэнт кафедры стылістыкі і літаратурнага рэдагавання Пятро Жаўняровіч. Арыгінальная і назва — «Ода двукроп'ю». Карысна азнаёміцца ўсім будучым журналістам і рэдактарам.

«Дзве кропкі, размешчаныя адна над другой, — яскравы паказчык лагічнай пабудовы аўтарскага выказвання: яны нібыта спыняюць зрок чытача, прапануюць яму супаставіць папярэднюю інфармацыю з тым, пра што будзе сказана далей. Ён мяркуе: пасля двукроп’я аўтар назаве прычыну, растлумачыць думку, прывядзе аргументы» — мяркуе Пятро Жаўняровіч.
Але цяпер, калі ў друкаваных творах усё радзей сустракаешся з гэтым ёмістым знакам прыпынку — двукроп’ем, — патрэба ў яго падтрымцы становіцца відавочнай.

Марыя Дарашкевіч.