Напярэдадні Сусветнага дня паэзіі, 20 сакавіка, у Інстытуце журналістыкі БДУ прайшла творчая сустрэча з Настай Кудасавай.

Вядомая сучасная паэтэса, аўтар зборнікаў “Лісце маіх рук” (2006), “Рыбы” (2013), “Маё невымаўля” (2016), выпускніца фiлалагічнага факультэта БДУ выступіла перад студэнтамі. Прагучалі вершы як больш раннія па часе напісання, так і больш познія, і нават новыя.
У перапынках паміж чытаннем вершаў Наста Кудасава адказвала на пытанні аўдыторыі. А пытанняў было шмат. Яны тычыліся творчасці, ускладненай вобразнасці і традыцыйнага падыходу да вершаскладання, сувязі паэзіі з музыкай, жыццёвых арыенціраў, выбару аўтарам мовы напісання… Публіка таксама прасіла паэтэсу прачытаць пэўныя ўлюбёныя вершы.
Напрыклад, “Віталь*”:  гэта ўсмягласць асіплае кані, / адарванай ад ніў вышыні. /дні мае – палігоны гукання, / невыкрыкнае роспачы дні. /я не помню нагодаў вынырваць, / памяць сплёўвае прысак і жвір. / дык навошта ты сонцам настырным / уваходзіш і кажаш “жыві”? / тут даўно ўжо няма чаму біцца / ў пустасэрцы, напханым асцём, / дык навошта ты цёплай сініцаю / прыляцеў і вярнуў мне жыццё? / быццам ёсць яшчэ голас азімы / пад ільдом занямелых пакут, / быццам можна адным тваім імем / затрымаць мяне тут.

Будзем спадзявацца, што праведзеная сустрэча стане чарговай прыступкай да спасціжэння студэнтамі багаццяў сучаснай беларускай літаратуры.
Імпрэза арганізавана ў межах святкавання юбілею кафедры літаратурна-мастацкай крытыкі.